На галоўную

Мая біяграфія

Глінскі Яўген Станіслававіч (рус. Глинский Евгений Станиславович; англ. Jauhien Hlinski; чотк. Жэка Глінскі) - у марах: сусветна вядомы беларускі гісторык; у рэчаіснасці - патэнцыйны салдат тэрміновай службы Ўзброеных сіл Рэспублікі Беларусь. Нарадзіўся 3 лістапада 1988 году ў Мінску ў сям'і рабочых. Беларус.

Змест

  1. Паходжанне
  2. Дзяцінства
  3. Навучанне ў Ліцэі БДУ
  4. Гістарычны факультэт
  5. Дасягненні і супярэчнасці

Паходжанне

Нягледзячы на прозвішча, якое адсылае да неадназначнай гісторыі магнацкага роду Глінскіх, вядомага, перадусім, удзелам у шэрагу выступленняў супраць дзяржаўнай улады ў Вялікім Княстве Літоўскім і сваяцтвам з Іванам Грозным, Яўген Глінскі з'яўляецца шчаслівым уладальнікам рабоча-сялянскага паходжання, што яго ў прынцыпе зусім і не клапоціць.

Дзяцінства

Сваё дзяцінства недзе так да 6 гадоў Глінскі памятае слаба. Пасля ён вучыўся ў 207-й сярэдняй школе г. Мінска ў "Е" класе, у які накіроўвалі дзяцей не дужа развітых. Нягледзячы на гэты лёсавызначальны факт, Глінскі быў рэдкім пай-хлопчыкам і батаном. З яго станоўчых бакоў выпадае адзначыць сталую гатоўнасць даць спісаць менш кемлівым і старанным таварышам, якая, зрэшты, вынікала зусім не з гандзійскага чалавекалюбства, а з банальнай боязі быць пабітым. Што, дарэчы, і не адбывалася, бо зноў-такі Глінскі быў батанікам карысным для народу. У 8-м класе па тагачаснай модзе ў 207-й школе зладзілі фізмат-клас, у які Глінскі таксама трапіў. Аднак ягоныя батанічна-спісвальныя функцыі ў грамадскім падзеле працы ад гэтага не змяніліся.

Навучанне ў Ліцэі БДУ

З 10-га класу, гэта значыць з 2004 году, Глінскі навучаўся ў Ліцэі БДУ, установе, якая, акрамя масы звычайных людзей, забяспечвала адукацыю яшчэ двум катэгорыям народанасельніцтва: мажорным дзецям багаценькіх таварышаў, да якіх Глінскі, канешне, не належыў, і слаба сацыялізаваным "маленькім псеўдагеніям", чыёй асноўнай здольнасцю было бавіць час за чытаннем маркотных кніжак з грыфам "Міністэрства нейкай там адукацыі". Акурат у шэрагі апошніх Глінскі ўпісваўся як уліты. Аднак у гэты час ён пачаў праяўляць пэўныя рысы нонканфармізму, што выявілася зусім не ў цікавасці да гаўнамузыкі і доўгіх валасах (дзякаваць Богу, гэты трэш Глінскі абмінуў), а ў сімпатыях да беларускай мовы і культуры, што ў Беларусі смела можа быць залічана ў дэвіянтныя паводзіны.

Гістарычны факультэт

У 2006 годзе Глінскі паступіў на гістарычны факультэт БДУ, а гэта тое яшчэ балота, у якім, праўда, ён адчуваў сябе надзіва камфортна. Свае звычкі Глінскі ў цэлым не змяніў і вылучаўся тым самым, чым і раней: філігранным уменнем чытаць кнігі. На вялікі жаль, у майстэрстве іх пры гэтым яшчэ і разумець вялікіх поспехаў ён не дасягнуў.

Дасягненні і супярэчнасці

Галоўным дасягненнем Яўгена Глінскага з'яўляецца тое, што ён дажыў да 23 гадоў: нарадзіся ён, напрыклад, у Старажытнай Спарце ягонае кволае цельца даўно б ляжала на дне якога-небудзь адмысловага кар'еру, аб'едзенае птушкамі і, што лагічна, звярамі. Таксама ён раз-пораз займаў нейкія месцы на квазіінтэлектуальных конкурсах, якія ладзіліся нашай Богамзбавёнай дзяржавай. Што датычыцца кантраверсій, то галоўнай з'яўляецца яго поўная інтэлектуальная нікчэмнасць, якая добра вядома колу набліжаных да яго людзей, але актыўна ім утойваецца ад шырокай грамадскасці з дапамогай ведання ім назваў дзясятка пантовых кніжак, якія ён, канешне, не ў жыццё не чытаў. Хоць ёсць меркаванне, што людзі гэта і так разумеюць, проста не хочуць яго крыўдзіць.

Сайт управляется системой uCoz